У мінулым годзе на тэрыторыі Драгічынскага раёна выкананы
рэканструкцыі ліній электраперадач, у тым ліку з магчымасцю выкарыстання
электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў вёсках Залужжа,
Равіны, Салава, Гаравіца, Сварынь. У снежні 2023 года пачаліся работы па
рэканструкцыі лініі электраперадач пад электраацяпленне ў вёсцы Асіповічы,
работы працягваюцца да гэтага часу. Больш падрабязна пра электраацяпленне,
колькасць новых абанентаў і перспектывы на будучыню распавёў начальнік
Драгічынскага РЭС Генадзь Мамацюк.
Штогод патрэбнасць насельніцтва ў выкарыстанні
электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння (ГВС)
павялічваецца. Калі параўноўваць паказчыкі росту абанентаў, якія
выкарыстоўваюць электраэнергію ў мэтах электраацяплення, то трэба адзначыць,
што ў 2022 годзе 120 грамадзян атрымалі тэхнічныя ўмовы на электраацяпленне
індывідуальных домаўладанняў агульнай магутнасцю 935 квт, - распавядае
начальнік РЭС.
- У тым жа годзе да электраацяплення было падключана 151
домаўладанне, у ліку якіх і тыя, хто тэхнічныя ўмовы атрымалі раней. Увесь гэты
працэс не хуткі і па розных чынніках можа заняць некалькі гадоў. У 2023 годзе
намі выдадзена 125 тэхнічных умоў на агульную магутнасць 1010 кВт і ў 160
прыватных домаўладаннях была падключана электраэнергія для мэт электраацяплення
і ГВС. Таксама ўведзены ў эксплуатацыю 32-кватэрны жылы дом, дзе электраэнергія
выкарыстоўваецца для мэт электраацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Вельмі сур'ёзнай падмогай для грамадзян, паводле слоў
Генадзя Мамацюка, з'яўляецца пэўная дзяржавай частковая кампенсацыя затрат на
правядзенне электраацяплення.
У мінулым годзе ў раёне было рэканструявана і ўведзена ў
эксплуатацыю 38,214 км электрасетак, у тым ліку і пад электраацяпленне. На
гэтыя мэты асвоена 3915 тыс. руб.
У перспектывах на 2024/2025 гады праектаванне і
рэканструкцыя ліній электраперадач у вёсках Юзэфіны, Літоўск, Публіка, Немержа
(вуліц Леніна, Гагарына, Лясная, Палявая, Савецкая, Перамогі), часткова
аграгарадка Вулька Сіманавічская і вуліцы Пралетарскай у Сіманавічах.
Час не стаіць на месцы, таму фарміруюцца планы рэканструкцыі
электрычных сетак на перыяд 2026-2030 гадоў. У рамках рамонтнай кампаніі
запланавана замена часткі ліній ЛЭП і трансфарматарных падстанцый, што таксама
дасць магчымасць задаволіць патрэбнасць насельніцтва ў выкарыстанні
электраэнергіі для мэт электраацяплення.
- Вядома ж, на этапах правядзення рэканструкцыі ЛЭП
прыходзіцца часова прыпыняць падачу электраэнергіі спажыўцам у дзённы час, за
выключэннем перыядаў моцных маразоў. Прашу грамадзян, ставіцца да гэтага з
разуменнем, - кажа начальнік Драгічынскага РЭС.
Генадзь Вітальевіч таксама акцэнтаваў увагу жыхароў раёна,
што згодна з Правіламі аховы электрычных сетак забаронена высаджваць дрэвы і
кусты ў ахоўнай зоне ліній электраперадач. Гэта з'яўляецца адным з фактараў,
якія ўплываюць на надзейнасць электразабеспячэння.
Максім Радзько.